ВЕ́ТКАЎСКАЯ РАЗЬБА́,

1) аб’ёмна-ажурная пазалочаная разьба, якой у г. Ветка Гомельскай вобл. ў 18—19 ст. аздаблялі ківоты да абразоў. Была высокаразвітым пасадскім ці манастырскім рамяством, працягвала і развівала традыцыі беларускай рэзі. Дэкор уключаў вінаградныя лозы, лісце, гронкі, пазней кветкі і інш. На пач. 20 ст. прыйшла ў заняпад. Калекцыя ўзораў веткаўскай разьбы ёсць у Веткаўскім музеі народнай творчасці.

2) Архітэктурны дэкор, пашыраны ў г. Ветка і навакольных вёсках. Традыцыя ідзе ад перасяленцаў з Цэнтр. Расіі (17—18 ст.). Веткаўская разьба арганічна спалучае бел. і рус. традыцыі нар. арх. дэкору. У 18—19 ст. нескладанай выемчатай разьбой геам. характару аздабляліся пераважна аконныя ліштвы. З сярэдзіны 19 ст. пад уплывам класіцызму дэкор узбагаціўся накладнымі элементамі ў выглядзе ромбаў, прамавугольнікаў, рэечак, такарных дэталей. Верхнія часткі ліштваў набылі форму трохвугольных франтончыкаў з прафіляванымі накладкамі, дэкор карнізаў і вуглоў часам імітаваў элементы мураванай архітэктуры класіцызму. З канца 19 ст. пашырыўся прапілаваны дэкор расліннага характару, якім багата аздаблялі ліштвы, карнізы, ганкі, вароты, а ў наш час і веранды, мансарды, франтоны. Сучасная веткаўская разьба звычайна спалучаецца з паліхромнай расфарбоўкай, вызначаецца павышанай дэкаратыўнасцю, перавагай стылізаваных раслінных матываў, шматпланавасцю кампазіцыі.

Я.М.Сахута.

т. 4, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)